_2.jpg)
"Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову,
але найперш трэба знаць сваю".
Францішак Багушэвіч

"Міколка-паравоз" – шырока вядомая аповесць народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова пра жыццё і прыгоды хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка. Нязменнай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца аповесць "Пра смелага ваяку Мішку і слаўных яго таварышаў". Гэты твор пра сяброўства медзведзяняці, казла і сабакі, якія ў дні Грамадзянскай вайны разам з чырвонаармейцамі ўдзельнічаюць у баявых паходах, падбадзёрваюць байцоў дасціпнымі хітрыкамі, здзяйсняюць фантастычныя подзвігі.

Народны паэт Беларусі Якуб Колас нездарма лічыцца класікам нашай літаратуры. Менавіта iм створаны нацыянальны лiтаратурны канон, узор, на які арыентавалася не адно пакаленне беларускіх пісьменнікаў. Творы Коласа заслужана сталі хрэстаматыйнымі. Разам з тым менавіта школа прывучыла нас глядзець на пісьменніка толькі як на стваральніка «энцыклапедыі сялянскага жыцця». І ўсё ж не трэба забываць, што Колас перад усім філосаф, які надзвычай тонка адчуваў жыццё! Каб пабачыць і палюбіць «іншага» Коласа, варта звярнуцца да «Казак жыцця» і «Сымона-музыкі». Гэтыя творы, поўныя алегорый і метафар, насамрэч адлюстроўваюць рэальнае жыццё пісьменніка, поўнае змагання за сябе і сваю краіну. Але паглядзіце, як творча асэнсоўвае ён жыццёвы матэрыял, ператвараючы пакуты ў казкі і паэму!

У творы распавядаецца пра дзяўчыну, якая загінула ў самую першую ваенную раніцу — 22 чэрвеня 1941 года. Ад Любы засталася толькі белая сукенка — сімвал чысціні, надзеі, кахання, мары... Сімвал генетычнай памяці аб усіх тых, хто загінуў у страшнае ваеннае ліхалецце. Любіна сукенка да сённяшняга часу сярод нас на Парадах Перамогі і кожны дзень, як Белы Анёлак, беражэ родную Беларусь.

Гэта кніга для тых, хто любіць прыгоды і падарожжы. З героем кнігі Васем Вясёлкіным не засумуеш! Ён ведае: свет цудоўны, а той, які пачынаецца ад роднай хаты - самы незвычайны. Выпраўляйцеся разам з Вясёлкіным у госці - спачатку да буслоў у буслянку, пасля і да цара-зубра ў Белавежскую пушчу - самі пераканаецеся. Вася Вясёлкін сам даведваецца шмат цікавостак і дзеліцца з тымі, хто любіць чытаць, а ў моўную скарбонку назапашвае сакавітыя словы, з якіх саткана мова твораў Васіля Віткі.

Творы Васіля Быкава не толькі ўтрымліваюць глыбокія думкі пра жыццё, людзей і іх адносіны, але і па-майстэрску адлюстроўваюць перажыванні і ўнутраныя канфлікты чалавека, які трапіў у надзвычайныя абставіны. «Пакахай мяне, салдацік» — пранізлівая аповесць пра каханне, якое — франтавік Быкаў ведаў гэта як ніхто іншы — не прызнае перапынкаў на вайну.


У новым зборніку тапанімічных казак аўтар у цікавай, займальнай форме тлумачыць назвы населеных пунктаў і вадаёмаў розных рэгіёнаў Беларусі, прапануе юнаму чытачу сваё ўласнае меркаванне пра іх паходжанне, апавядае, з чым можа быць звязана ўзнікненне той ці іншай назвы. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з незвычайнымі казачнымі, а таксама сапраўднымі гісторыямі пра таямніцы беларускіх тапонімаў.

Недзе на Палессі жылі-былі дзед і баба. Хата іх стаяла ў лесе. Дзед быў лесніком, а баба гаспадарыла дома. Аднойчы, калі яны гатавалі ежу, з імі раптам пачала размаўляць бульбінка – гэта быў маленькі зачараваны хлопчык. Баба з дзедам пакінулі яго ў сябе. Тады і пачаліся незвычайныя прыгоды хлопчыка і яго сяброў.






.jpg)

Мы в соцсетях: