РУ БЕ EN

Язэп Пушча

   Язэп Пушча (сапраўднае імя – Іосіф Паўлавіч Плашчынскі) нарадзіўся 20 мая ў 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы пад Мінскам у сялянскай сям’і. Яго бацькі, Павел Вікенцьевіч і Міхаліна Вікенцьеўна, былі непісьменнымі, працавалі на гаспадарцы і выхоўвалі шасцёра дзяцей – чатырох сыноў і дзвюх дачок. Іосіф, ці па-вясковаму Язэп, быў пятым дзіцём, адным з малодшых у гэтай вялікай сям’і. Жыццё Плашчынскіх напаўнялі тыповыя для сялян працоўныя будні, дзе ў кожнага з дзяцей з малых гадоў былі свае абавязкі.

Пасведчанне аб нараджэнні Іосіфа Плашчынскага            Міхаліна Вікенцьеўна і Павел Вікенцьевіч, маці і бацька Язэпа Пушчы.1924 г.(Язэпа Пушчы).     

З фондаў БДАМЛМ

   Трыццатыя гады раскідалі па свеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) вучыўся ў БДУ, займаўся літаратурнай творчасцю, памёр у 1986 у ЗША. Нават самі бацькі — сумленныя працаўнікі — памерлі не ў сваёй хаце. Я. Плашчынскі быў пятым сынам у сям'і. Ён рана далучыўся да працы і ў дванаццаць гадоў, па яго словах, «у касьбе амаль не адставаў ад дарослых». Будучы паэт вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910—13), у жніўні 1915 г. быў залічаны вучнем 2-га класа Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча. З-за набліжэння фронту і падрыхтоўкі да эвакуацыі вучоба доўга не пачыналася. Вучыцца ў Мінску давялося і ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама грамадзянскай вайны. З 1918 г. да жніўня 1921 г. Пушча вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918 г. будучы паэт прачытаў першую беларускую кнігу — «Шляхам жыцця» Я. Купалы, а праз два гады ў сваёй вёсцы пазнаёміўся з М. Чаротам, сяброўствам з якім даражыў усё жыццё. Скончыўшы рэальнае вучылішча, Я. Плашчынскі вучыўся на дзевяцімесячных курсах беларусазнаўства Наркамасветы БССР (1921—22), дзе слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю. Скончыўшы курсы, настаўнік атрымаў званне лектара і пачаў працаваць у Мазырскім, а пасля - Мінскім аддзеле народнай асветы, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, курыраваў школьную адукацыю.

   Гэты шчаслівы час быў напоўнены не толькі плённай настаўніцкай працай, радасцю творчасці, але і каханнем. У верасні 1925 года Язэп Пушча разам з Кузьмой Чорным наведалі Слуцк, дзе прымалі ўдзел у літаратурным дыспуце разам з іншымі маладнякоўцамі слуцкай філіі. У гэтым горадзе малады паэт сустрэў васямнаццацігадовую Станіславу Шпакоўскую, з якой звязаў свой лёс назаўжды.

  Станіслава Шпакоўская, жонка Язэпа Пушчы.1926 г.                                 Сям’я Пушчы. Верасень 1957 г.                                                                                          

З фондаў БДАМЛМ

 

   Хутка закаханыя пабраліся шлюбам, і з 15 кастрычніка 1925 года пачалося іх сумеснае жыццё, іх “цудоўныя «дні вясны», хоць была ўжо восень”. Станіслава стала сапраўдным сябрам мужа, яго моцнай падтрымкай, заўсёды была побач пры любых жыццёвых абставінах. Плашчынскія стварылі цудоўную сям’ю, выхавалі чатырох дзяцей: Галіну, Валерыю, Лідзію і Анатоля.

   У 1925—27 гг. вучыўся на педагагічным факультэту БДУ. Увосень 1927 г. перавёўся ў Ленінградскі універсітэт, але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу. У 1929 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. 25 ліпеня 1930 г. па ілжывым абвінавачванні як член уяўнага «Саюза вызвалення Беларусі» асуджаны на 5 гадоў высылкі. У перыяд блукання па пакутах Я. Пушча працаваў бухгалтарам у г. Шадрынску на Урале (1931—35), восем месяцаў (1935—36) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 гг. Пушча загадвае навучальнай часткай, працуе дырэктарам Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. У гады вайны пісьменнік быў мабілізаваны і некаторы час знаходзіўся ў Маскве, праходзіў вучобу ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы, але праз стан здароўя вярнуўся да сваіх дырэктарскіх абавязкаў. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. У 1955 і 1956 гг. наведаў Беларусь. 19 ліпеня 1958 г. вярнуўся з сям’ёй у Мінск, дзе ім выдзелілі кватэру на вуліцы Чарнышэўскага, аднак толькі 6 гадоў было адведзена паэту пражыць на радзіме.

   Пісьменніка не стала 14 верасня 1964 года. Па яго ўласным жаданні яго пахавалі на вясковых могілках побач з бацькамі ў Каралішчавічах, на яго роднай зямлі.

 

Творчы шлях Язэпа Пушчы

   Найперш Я. Пушча вядомы як паэт, прычым надзвычай таленавіты і арыгінальны. Разам з тым ён унёс пэўны ўклад у беларускую літаратурную крытыку 1920-х гг.

Літаратурнае аб’яднанне “Маладняк” у 1924–1925 гг.

З фондаў БДАМЛМ

 

   Я. Пушча, побач з А. Бабарэкам і М. Чаротам, быў адным з аўтараў тэорыі «маладнякізму», якая, нягледзячы на агаворку аб прызнанні прагрэсіўных традыцый, вяла да недаацэнкі творчасці старэйшых пісьменнікаў, у тым ліку Купалы і Коласа. Таму гэтая тэорыя сустрэла пярэчанні з боку літаратурна-крытычнай грамадскасці, і перш за ўсё з боку старэйшага крытыка М. Гарэцкага. Гарэцкі наогул добразычліва ставіўся да маладых пісьменнікаў, падкрэсліваў, што «Маладняк» — новая значная літаратурная сіла, дзе ёсць нямала здольных паэтаў (Ул. Дубоўка, М. Чарот, А. Вольны) і «вельмі здольныя крытыкі (А. Бабарэка)». Аднак ён крытыкаваў паасобных маладых паэтаў за «панскую хваробу — імажынізм», які, на яго думку, ніколі не будзе зразуметы рабочым і селянінам. Артыкулам М. Гарэцкага (М. Гарэцкі. «Маладняк» // Савецкая Беларусь. 1925. 7 студз.) і пачалася спрэчка паміж «старымі» і «маладымі». Язэп Пушча, адзін з прадстаўнікоў “маладых” і тэарэтыкаў “Маладняка”, яго эстэтычнай праграмы, адмаўляў сваяцтва «кантрастных вобразаў» маладнякоўскай паэзіі з імажынізмам на той падставе, што ў маладнякоўцаў на першым плане «сацыяльна-класавы і псіхалагічны бок вобразу», а ў імажыністаў — яго фармальны бок. На яго думку, арыгінальная вобразная сістэма ў беларускім мастацтве доўгі час існавала толькі ў народнай творчасці. Маладнякоўцы чэрпаюць свае вобразы не з рускай імажынісцкай паэзіі, а з крыніц фальклору, іх вобразы абумоўлены «сацыяльнымі ўмовамі развіцця беларускай мастацкай рэчаіснасці» (Язэп Пушча. Да тэарэтычнага абаснавання маладнякізму і аб вывіхах крытыкі // Савецкая Беларусь. 1925. 20–27 студз.). «Маладняк», сцвярджаў Пушча, не далучаецца ні да імажынізму, ні да іншых сучасных мастацкіх кірункаў (экспрэсіянізм, футурызм і інш.), ён выкарыстоўвае толькі іх стылістычныя прыёмы, перапрацоўвае на аснове стылістыкі беларускага фальклору і стварае свой «самабытны беларускі кірунак — маладнякізм». У адпаведнасці з марксізмам, падкрэсліваў Пушча, мы сцвярджаем, што «кожны клас нясе за сабою сваю эстэтыку... свой падыход да рэчаіснасці, свой ідэал». Для абгрунтавання сваёй думкі аб неабходнасці арыгінальнага беларускага стылю Язэп Пушча вывучаў вобразную сістэму беларускай народнай песні (Я. Кудзер. Вобраз у беларускай паэзіі // Радавая рунь. 1924. № 2.).

     Відэафрагмент сустрэчы з сярэдняй дачкой Язэпа Пушчы Лідзіяй Іосіфаўнай, які падрыхтавалі вучні і настаўнікі Навадворскай сярэдняй школы Мінскага раёна.

   Кінавідэафонд Белтэлерадыёкампаніі. Абласны круглы стол «Захаванне і папулярызацыя гістарычнай памяці. Пісьменнікі-землякі: Язэп Пушча».

Карысныя спасылкі  

     З віртуальным музеям на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі магчыма пазнаёміцца: Язэп Пушча (Іосіф Паўлавіч Плашчынскі) (nlb.by).

    Даведацца пра жыццёвы шлях пісьменніка, убачыць яго фотаздымкі, пазнаёміцца са спісам карысных крыніц можна ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

  З поўнымі тэкстамі твораў пісьменніка можна пазнаёміцца на старонках вядомай электроннай бібліятэкі “Беларуская палічка”.

 

 

 

 

поделиться в: