РУ БЕ EN

Ушанаванне памяці

 

     Мінскі раён зяўляецца радзімай беларускага паэта, крытыка, перакладчыка, аднаго з арганізатараў літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша» Язэпа Пушчы.

    Бібліятэкі раёна шануюць памяць земляка. На працягу гадоў былі падрыхтаваны выставы і прайшлі мерапрыемствы, якія былі прысвечаны жыццю і творчасці паэта.

    За гады працы ў бібліятэках назапасіўся матэрыял па захаванні памяці і ўвекавечанні імя Язэпа Пушчы.

 

28 лютага 2023 г. на базе Гатаўскай сельскай бібліятэкі-клуба прайшоў абласны круглы стол «Захаванне і папулярызацыя гістарычнай памяці. Пісьменнікі-землякі: Язэп Пушча» у рамках абласнога праекта «Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю». Арганізатарамі мерапрыемства былі: Мінская раённая цэнтральная бібліятэка, Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Пад час мерапрыемста былі прадэманстраваны архіўныя дакументы і фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Дакладчыкі распавядалі цікавыя гісторыі і факты з жыцця паэта, крытыка, перакладчыка, члена саюза пісьменнікаў Беларусі, нашага земляка — Язэпа Пушчы.

На мерапрыемстве выступілі: Лаўрык Таццяна Анатольеўна, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна, магістр філалагічных навук; Жыбуль Віктар Вячаслававіч, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кандыдат філалагічных навук; Данільчык Аксана Аляксееўна, літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук; Амосава Юлія Уладзіміраўна, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, магістр мастацтвазнаўства; Камлюк Марына Аляксандраўна, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУ «Мінская раённая цэнтральная бібліятэка», Плыткевіч Сяргей Міхайлавіч – фотажурналіст, краявед, выдавец, дырэктар фонда дзікай прыроды «Чырвоны Бор».  Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства ён прадставіў сайт «Планета Беларусь».

Мінская раённая цэнтральная бібліятэка прэзентавала віртуальны музей Язэпа Пушчы, размешчаны на сайце  бібліятэкі.

На інтэрактыўнай выставе «Зорка нацыянальнай паэзіі» былі прапанаваны рарытэтныя выданні Язэпа Пушчы, пачыная с 1925 года, некаторыя кнігі засталіся толькі ў адным экзэмпляры ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, былі прадстаўлены выданні нашага земляка з яго асабістым аўтографам.

На прыканцы мерапрыемства Мінская раённая цэнтральная бібліятэка ўзнагародзіла пераможцаў раённага конкурса чытальнікаў «Імёны незабытых: Язэп Пушча».

21 лютага 2023г. прайшоў раённы анлайн конкурс чытальнікаў да Дня роднай мовы "Імёны незабытых: Язэп Пушча". У конкурсе прынялі ўдзел жыхары Мінскага раёна, сярод якіх былі выбраны тры прызёры.

Журы ў складзе 7 чалавек ацэньвалі работы па пяці крытэрыях: падача матэрыялу, складнасць твору, знешні выгляд, тэхнічнае і гукавое афармленне.

20 травня 2022 г. прайшоў раённы анлайн конкурс чытальнікаў "Я за дабро плачу дабром". У конкурсе прынялі ўдзел 28 дзяцей з усяго мінскага раёна, сярод якіх былі выбраны тры прызёры.

    20 мая 2022 года адзначалася 120-годдзе аднаго з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Язэпа Пушчы (сапраўднае імя – Іосіф Паўлавіч Плашчынскі). Лідар авангардысцкага напрамку, аматар паэтычных эксперыментаў і эпатажнасці, ён уварваўся ў беларускую літаратуру 1920-х гадоў нечаканымі метафарамі і арыгінальнымі вобразамі, нязвыклымі вершаванымі рытмамі і асаблівай музычнасцю вершаў, што натхнялі кампазітараў.
ДУ "Мінская раённая цэнтральная бібліятэка" сумесна з Гатаўскай сельскай бібліятэкай-клубам правялі хранограф "Я дакранаюся душой да струн". У канцы мерапрыемста ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка знакамітаму паэту.

     Гатаўскай сельскай бібліятэка-клуб прадставіла інтэрактыўнную выставу "Зорка нацыянальнай паэзіі" да 120-годдзя паэта. 

   

    У 2012 году да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, крытыка, перакладчыка, члена саюза пісьменнікаў Беларусі, нашага земляка Язэпа Пушчы бібліятэка Навадворскага цэнтра традыцыйнай культуры для моладзі падрыхтавала краязнаўчы ўрок “Пясняр з вёскі Каралішчавічы”. У чытачоў была добрая магчымасць больш падрабязна даведацца пра жыццё і творчасць Я. Пушчы. Удзельнікі чыталі найбольш знакамітыя яго вершы, вывучалі літаратуру і фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, а таксама абмяркоўвалі біяграфічныя звесткі паэта.

        У 2012 году адбыўся конкурс чытальнікаў "Паэтычнае сузор'е талентаў", які быў арганізаваны Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкай. Удзельнічалі ў ім навучэнцы Мінскага раёна.

      У 2002 г. у бібліятэцы Навадворскага цэнтра традыцыйнай культуры з удзелам падлеткаў і моладзі адбылася вечарына, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы. 

     Вучні 10 класа падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю, пад гукі цымбалаў ішла гаворка аб жыцці і творчасці паэта, гучалі яго вершы.

     На вечарыне прысутнічала дачка паэта Лідзія Іосіфаўна Шпакоўская, якая ўспамінала аб цудоўным каханні сваіх бацькоў, аб турботах, якія выпалі на долю іх сям'і...

поделиться в: