РУ БЕ EN

Памятник погибшим лётчикам д.Каменец

Стэлы. Помнікі. Абеліскі.

Да Берліна ад Волгі-ракі…

Захаваў да драбнюткае рыскі

Вашы вобразы я, землякі.

Шлях прайшлі непаўторны, суровы.

Колькі дзён і бяссоных начэй!

Чую вашы каманды, размовы,

Бачу ўсмешкі і зоркі вачэй.

Калі хто пад снарадамі падаў,

Рукі сябра далей неслі сцяг.

Пад Масквою, пад Сталінградам

Штурмаваць пачалі мы Рэйхстаг.

Я бядую трывожна і шчыра,

Што іх лёс у баях не збярог,

Абеліскі – арыенціры

Нашай памяці і перамог!

                                                                             (Паўлюк Прануза)

       У розных куточках нашай Беларусі, якая за гады вайны страціла кожнага трэцяга жыхара створаны мемарыяльныя комплексы, устаноўлены помнікі і абеліскі, што ўвекавечваюць памяць аб тых, хто загінуў на франтах і ў партызанскіх атрадах, хто быў закатаваны ў фашыстскіх засценках, хто быў знішчаны ў лагерах смерці, спалены разам з вёскамі.

    Не мае значэння, якія яны – помнікі: пампезныя ці сціплыя,  з мармуру ці  проста з бетону, устаноўлены ў людным месцы ці маланаселенай вёсачцы – усе яны наша памяць, наш боль, наша незагойная рана. За кожным з іх трагічная падзея ці лёс канкрэтнага чалавека. Гэтыя помнікі - сімвал нязгаснай народнай памяці, бо ніводзін з іх не забыты і не закінуты.

          У сваім праекце “Абеліскі – арыенціры нашай памяці” хачу расказаць пра помнікі, што ўстаноўлены на тэрыторыі  Шаршунскага сельскага савета: пра гісторыю іх узнікнення, пра герояў і ахвяр, што ляжаць пад імі, бо мы не маем маральнага права забыцца, каму мы абавязаны жыццём, за якое заплачана занадта вялікая цана.

         Шаршунскі сельскі савет - гэта паўночны захад Мінскага раёна. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны не абмінулі і нашу мясцовасць. Аб гэтым гаворыць той факт, што на  тэрыторыі сельсавета ўстаноўлена 10 помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай.

Сёння мы павядзем аповед пра помнік на брацкай магіле лётчыкаў што ў вёсцы Камянец. Стаіць ён у цэнтры вёскі. Гэта помнік савецкім пілотам капітану Афанасію Дворніку (штурман, старшы палітрук) і старшаму сяржанту Сяргею Зуеву (стралок-радыст).

                                     

З успамінаў ветэрана, інваліда вайны, жыхара в. Камянец Булда Пётра Сцяпанавіча ведаем, “што ў першыя дні вайны камандаванне Савецкай арміі накіравала бамбавікі, каб тыя затрымалі нямецкія калоны, якія ішлі на Мінск. А самалёты тыя вялікія, з чырвонымі зоркамі на крылах ішлі без прыкрыцця знішчальнай авіяцыі. Вось адзін з іх тут, побач, і збілі. Нямецкія зніўшчальнікі яго над вёскай дагналі і пачалі абстрэльваць. Самалёт задыміў, загарэўся і ўпаў на агароды за вёскай. Выбух быў моцны. Аскепкі ад самалёта ляжалі паўсюль. Экіпаж самалёта складаўся з чатырох пілотаў. Два з іх загінулі – ім помнік у вёсцы стаіць. Трэці пілот паранены спусціўся на парашуце. Яго яшчэ ў паветры немец расстрэльваў. Параненага пілота падабраў жыхар вёскі Латыгаўка Кандрат Ангалевіч. Пазней ён ў партызаны сышоў. Чацвёрты таксама быў паранены, ала ўратаваўся і збег у лес.”

      Датай гібелі экіпажа пазначана 29 чэрвеня 1941 года.

Збіты савецкі бамбавік ўваходзіў у склад 60-га хуткаснага бомбавага авіяпалка. У склад экіпажа таксама ўваходзілі камандзір , старшы лейтэнант Уладзімір Сашыхін і паветраны стралок сяржант Зміцер Янаў. У адным з архіўных дакументаў адзначаецца, што “29 чэрвеня 1941 года экіпаж бамбавіка ўдзельнічаў у штурмоўцы варожых танкаў, бронемашын і грузавікоў. Пры выхадзе з атакі на самалёт тав. Сашыхіна напалі знішчальнікі праціўніка і падпалілі яго. Сам Сашыхін атрымаў лёгкае раненне ў правую нагу і галаву”. Гэта і быў той пілот, што ўратаваўся ў лесе. Потым лейтэнант перайшоў лінію фронту і працягваў ваяваць у вайсковай авіяцыі. У 1957 годзе капітан запасу Уладзімір Сашыхін за мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. А цяжкапараненым пілотам быў стралок-радыст Зміцер Янаў. Яго, з перабітымі нагамі, падабраў Кандрат Ангалевіч. Схаваў у сваёй хаце. Пазней Зміцер выйшаў на сувязь з мінскім падполлем, трапіў у канцлагер, збег адтуль і вайну скончыў у савецкай пяхоце.

Абеліск на магіле лётчыкаў быў устаноўлены ў 1970 годзе за сродкі базавай гаспадаркі саўгаса “Савецкі”. Даглядаюць помнік ваеннаслужачыя в/ч 30151”І” і навучэнцы Шаршунскай сярэдняй школы. Штогод да Дня Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь да помніка ўскладаюцца вянкі і кветкі, ладзяцца экскурсіі. Пакуль жыў Пётр Сцяпанавіч Булда, ён расказваў зацікаўленым гісторыю помніка.

На вялікі жаль год таму ён пакінуў гэты свет назаўсёды. Было яму 98 год.

На фотаздымку: 9 мая 2018 год. Калектыў народнай песні з Булда П.С. каля помніка загінуўшым лётчыкам в. Камянец.

 

Бібліятэкар Шаршунскай

інтэграванай сельскай бібліятэкі         Гаеўская Ала Вітальеўна

 

“Брацкія могілкі Шаршунскай зямлі” [Тэкст] : інфармацыйны буклет / складальнік Ала Гаеўская ; афармленне Алены Шчагловай. – Шаршуны : Шаршунская інтэграваная сельская бібліятэка, 2023. — 16 с.

 

 

поделиться в: