РУ БЕ EN

Рыгор Барадулін

Народны паэт Беларусі

 

 Рыгор Іванавіч Барадулін (24 лютага 1935, хутар Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 2 сакавіка 2014 г., Мінск), вядомы таксама як Дзядзька Рыгор, беларускі паэт, эсэіст і перакладчык.

Іван Рыгоравіч Барадулін — бацька паэта (1939 г.)

Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка. У 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.).

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.).

У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.).

Рыгор Барадулін быў актыўным членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989–1999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.).

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка.

Уваходзіны Рыгора Барадуліна ў літаратуру прыпалі на другую палову 1950-х – 1960-я гады. Гэта быў час “адліжны”, пасля ХХ з’езда партыі, які ўзяў у краіне курс на рэфармаванне савецкай сістэмы і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. 1960-я гады былі спрыяльныя для развіцця мастацтва слова. Сярод пісьменнікаў “новай хвалі” прыкметна вылучыўся самабытны голас Рыгора Барадуліна. Сваёй творчасцю ён эстэтычна ўзвышаў тагачасную паэзію, якая доўгі час хварэла на агульшчыну і гладкапіс, паглыбляў лірыка-інтымны і філасофскі свет беларускага верша, абнаўляў формы і прыёмы версіфікацыі. Пасля заканчэння БДУ паэт працаваў у рэдакцыях беларускіх часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, выдавецтве “Беларусь”, а, пачынаючы з 1972 г., больш дваццаці гадоў аддаў плённай працы ў рэспубліканскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”. За гонар лічылася, калі кнігу маладога аўтара браўся рэдагаваць Р. Барадулін, а яшчэ было больш ганарова, калі Рыгор Іванавіч пісаў і прадмову, бласлаўляючы на ўзлёце ў вышыні роднай літаратуры. Самым галоўным у жыцці для Р. Барадуліна заўсёды заставалася творчасць. У 1970–1990-я гг. ім створаны не адзін дзесятак паэтычных кніг – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” і інш. Што і казаць, паэтычных кніг выйшла нямала. Не заўсёды, як вядома, колькасць пераходзіць у якасць. Аднак такога і не бывае, каб усе паэтычныя тэксты ў зборніку мелі аднолькавую мастацкую вартасць.

Творчасць паэта адрозніваецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. У яго творах адкрываецца жывая крыніца прыгажосці мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Айчыны.

Асабліва шмат паэт зрабіў на ніве мастацкага перакладу, ён выйшаў у шырокі свет еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Дзякуючы творчым намаганням Р. Барадуліна ў перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Барыса Пастарнака, Стэфана Паптонева, Івана Драча і інш. Паасобныя творы многіх паэтаў свету склалі кнігі перакладчыка “Кахаць – гэта значыць…” (1986). Рыгор Барадулін напісаў шмат твораў і кніжак для маленькіх чытачоў (найбольш поўна яго дзіцячая паэзія сабрана ў зборніку “Ішоў коця па канапе”, 1997). Ён выдаў кнігі гумару і сатыры (“Дойны конь”, “Станцыя кальцавання”, “Прынамсі”, “Мудрэц са ступаю” і інш.).

Прэміі і ўзнагароды

Народны паэт Беларусі.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна [IV ступень], 1997), медалём Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне «Народны паэт Беларусі» (1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсія Лоркі. У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».

Памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску.

поделиться в: