Янка Купала
Іван Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года (па новым стылі) у фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям’і арандатара Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча і яго жонкі Бянігны Валасевіч, якія належалі да саслоўя мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска) і былі каталікамі. Сам Іван Луцэвіч у часы Расійскай імперыі таксама быў каталіком і афіцыйна адносіўся да катэгорыі мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска), хаця пры хрышчэнні 12 ліпеня 1882 года ў Радашкавіцкім касцёле Лучцэвіч быў запісаны дваранінам. Дамінік Луцэвіч належаў да роду збяднелай шляхты, якая не змагла ў часы Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіць свой род у статусе расійскага дваранства. Найстарэйшы продак па бацьку ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. Маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты.
Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне.
З набліжэннем фронту 8.8.1915 эвакуіраваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску. З 1916 жанаты з Уладзіславай Луцэвіч. У ліпені 1918 атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-22). У час 1920-22 цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. З пачатку 1921 намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акададэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй і Я. Купала быў яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 яго правадзейны член), літаратурнага аб’яднання «Полымя». Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).
У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў «Жалейка» і «Гусляр». У 1937 над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту — яго імя апынулася ў спісе мяркуемых ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.
Купала быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (У. Караленка, М. Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з’ездаў, удзельнічаў у рабоце І з’езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з’езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.
Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. З лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. З самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.
18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.
Нялёгкі жыццёвы шлях паэта быў аздоблены яго шматлікімі творамі, многія з якіх да сённяшняга часу ўражваюць адначасовасцю прастаты моўнага склада і глыбіні затоенай думкі. Нездарма дагэтуль Купала нараўне з Коласам лічацца паэтычным правадыром беларускага народа.
Мы в соцсетях: