РУ БЕ EN

Гарун Алесь

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч

Раннія гады

Нарадзіўся 27 лютага (11 сакавіка) 1887 г. у Мінску, на Багадзельнай вуліцы. Яго бацька Уладзімір Прушынскі і маці Соф’я (дзяв. Жывіца) былі простымі прадстаўнікамі рабочай каталіцкай грамады Мінска. З дзяцінства палюбіў кнігі і ў пяць гадоў умеў чытаць па-руску і па-польску. У далейшым скончыў мінскія 3-е гарадское прыхадское (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у сталярных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. З 1904 далучыўся да партыі эсэраў-максімалістаў. Пачаў публікавацца з 1907 у газеце «Наша ніва».

Арышт і ссылка

У ліпені 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Сасланы ў Іркуцкую губерню. З 1914 атрымаў права перамяшчацца па ўсёй Сібіры. Працуючы на баржы на рацэ Лене, падрыхтаваў зборнік «Матчын дар» і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню (выйшаў у 1918). Пасля працаваў на залатых прыісках у Бадайба. Творчасць Алеся Гаруна прасякнута ідэяй сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа.

Вяртанне на радзіму

Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у верасні 1917. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. З № 3 да № 100 рэдагаваў газету «Беларускі шлях», актыўна выступаў у ёй як публіцыст. Падчас польскай акупацыі быў членам Беларускай ваеннай камісіі, Часовага беларускага нацыянальнага камітэта (з 12 жніўня да 17 кастрычніка 1919 — старшыня). 

У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве. Яго магіла была нанова адшуканая ў 1988 годзе. У 1991 пра Алеся Гаруна зняты дакументальна-публіцыстычны фільм «Праз сваю хату ўбачыць бацькаву».

Творчасць

Пісаць вершы Гарун пачаў змалку, спачатку, як сведчыць М. Гарэцкі, на рускай мове, затым — на беларускай. Раннія яго творы да нас не дайшлі. 1905 г. датуецца паэма «Мае коляды», апублікаваная ў Вільні ў 1920 г. пад псеўданімам А. Сумны. Гэта — гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка, які прыехаў да свайго школьнага таварыша і правёў свята ў асяроддзі паноў.

Першы друкаваны верш «Маці-Беларусі» пабачыў свет у 1907 годзе ў нумары газеты «Наша Ніва». У 1908 г. з’явіліся два вершы: «Януку Купале» (паэтычны водгук на зборнік «Жалейка») і «Начныя думкі» — лірычны ўсхваляны ўспамін аб родных мясцінах, ад якіх аўтар быў адарваны, знаходзячыся ў астрогу. Заслугоўвае ўвагу вобразная асаблівасць твора: тут ява ўвесь час пераплятаецца са сном, а рэальная рэчаіснасць — з казкай.

Гэты верш сведчыць, што Алесь Гарун не паў духам, не зламіўся маральна. Ён падтрымліваў сувязь са знешнім светам, жыў яго клопатамі. Паэтычная спадчына А. Гаруна ўключае ў сябе зборнік «Матчын дар», напісаны напачатку Першай Сусветнай вайны, і вершы, апублікаваныя ў розных выданнях пад псеўданімамі А. Гарун, А. Сумны, а таксама Сальвэсь. Гэты зборнік можна паставіць побач з такімі кнігамі, як «Шляхам жыцця» і «Вянок». Ён з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў 20 стагоддзя.

У нейкім сэнсе блізкім да праграмных можна лічыць верш «Людзям», якім адкрываецца зборнік і ў якім аўтар непасрэдна звяртаецца да чытачоў. Гэта — свайго роду прадмова, ці можа нават споведзь з выяўленнем асабістых перажыванняў. У гэтым вершы Гарун гаворыць, што ён не паэт.

Наступны этап развіцця творчасці Алеся Гаруна — гэта вершы, напісаныя ў Сібіры. Яны як водгук пакуты і сімвал веры, споведзь і скарга выгнанніка, а таксама сведчанне нязломнай, непахіснай вытрымкі.

Багата ў Алеся Гаруна песняў жальбы, сумных настрояў, плачу. Але сум яго не так ідзе ад драмы ўласнага жыцця, колькі ад таго, што ён больш за ўсё баяўся страціць духоўную повязь з Бацькаўшчынай. І адначасова паэт паказвае, што ахвяры лірычнага героя і пакуты, якія выпадаюць на яго долю, не могуць быць дарэмнымі.

Вершы: Спрэчка, Nokturno, Самсон, «Думкі-дыялекты, краскі жыцця» і інш. Проза: «Першы снег», «Пан Шабуневіч», «Маладое», «Чалавек без крыві», «Свята», «П’ера і Каламбіна», «У Панасавым сяле».

Памяць

У Мінску адна з вуліц названа ў гонар Алеся Гаруна (Фрунзенскі раён).

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ Ў GIF-АНІМАЦЫІ

поделиться в: