РУ БЕ EN

Уладзімір Мінавіч Мазго

5 сакавіка- 65 гадоў з дня нараджэння паэта

   

Пісьменнік нарадзіўся 5 сакавіка 1959 года ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці. У 1964 -1968 гадах жыў з бацькамі ў Кемераўскай вобласці. Там хлопчык пайшоў у школы. Калі Уладзімір скончыў 2 класы, сям’я вярнулася ў Беларусь. Бацька купіў хату ў вёсцы Бярэжкі. Школа ў вёсцы была беларускамоўная, і Уладзімір, які пачаў вучыцца ў Сібіры і добра не ведаў беларускай мовы, бацькі аддалі ў Зэльвенскую рускамоўную школу. З 1979 года па 1981год служыў у Савецкай Арміі.  У 1985 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Творчая біяграфія паэта пачалася ў 1972 г. Ужо ў 6-м класе ён пачаў пісаць вершы. Адзін з іх у 1972 г. быў надрукаваны ў газеце "Піянер Беларусі”, другі - у часопісе "Бярозка”. З таго часу Уладзімір стаў юнкорам газеты "Піянер Беларусі”, дасылаў у яе рэдакцыю вершы і нарысы.

Першая  кніга Ул. Мазго "Пад спеў крыніц” выйшла з друку ў 1982 г. У 1989 годзе ўбачыў свет і першы зборнік вершаў для дзяцей "Калі спрачаюцца маланкі”, потым з’явіліся наступныя дзіцячыя кнігі: "Суседзі па сусвеце”(1994), "Смехапад”(1999),”Прыгоды марахода”(2002). Уладзімір Мінавіч быў карэспандэнтам газеты "Інтэграл”, супрацоўнікам літаратурна-драматычных праграм беларускага тэлебачання, працяглы час працаваў рэдактарам выдавецтваў "Юнацтва”, "Мастацкая літаратура”. Працаваў у дзіцячым часопісе "Вясёлка”, які быў і застаецца настольнай кнігай для многіх пакаленняў беларускіх дзяцей.

Асобныя творы Уладзіміра Мінавіча перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1984)

Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005)

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі (2005)

Выдатнік друку Беларусі (2007)

Лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы твор 2007 года» у галіне песеннага жанру

Лаўрэат літаратурнай прэміі Залаты купідон (2008)

Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна (2008)

Медаль Францыска Скарыны (2016)

Пераможца конкурсу на лепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, у намінацыі «Лепшая песня аб пагранічнай службе» (2018)

Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2019)

Творчыя сустрэчы з аўтарам неаднаразова праходзілі ў бібліятэках Мінскага раёна.

У Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэцы, адбылася сустрэча з паэтам, членам саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Уладзімірам Мінавічам Мазго. Многія з яго вершаў перакладзены на музыку і ўваходзяць у рэпертуар знакамітых беларускіх  выканаўцаў.  У час сустрэчы ён з захапленнем расказваў пра працу часопіса, дзяліўся планамі на будучае, чытаў свае жартоўныя вершы. Асаблівую ўвагу надаў рабоце з дзіцячым чытачом, менавіта яна іграе вялікую ролю ў асвеце моладзі, і менавіта яна выхоўвае ў дзяцей павагу і любоў да сваёй мовы, традыцый свайго народа.

 

 

Беларускі пісьменнік Уладзімір Міновіч Мазго прыехаў да хлопцаў горада Заслаўя з супрацоўніцамі выдання "Народная асвета": Наталляй Віктараўнай Ражко і верай Сяргеевай Рыбачонак. Жанравая палітра творчасці Уладзіміра Міновіча разнастайная: вершы, песенькі, загадкі, шарады, вясновыя пярэкруты. У творах У. Мазго суседнічае звычайнае і незвычайнае, пацешнае і сур'ёзнае. Юныя чытачы пачулі аповед пра творчасць і літаратурныя планы пісьменніка, задавалі пытанні і адгадвалі загадкі. Пасля заканчэння сустрэчы хлопцы не спяшаліся разыходзіцца: фатаграфаваліся, бралі аўтографы. У падзяку за выдатныя творы хлопцы падарылі пісьменніку кветкі. Спадзяемся, што гэтая сустрэча надоўга застанецца ў памяці юных чытачоў і яны працягнуць знаёмства з творамі аўтара.

 

 

У бібліятэку ДУ “Мінскі раённы цэнтр культуры” завітаў аўтар цудоўных кніг для дзяцей, беларускі пісьменнік Уладзімір Мінавіч Мазго. Юных чытачоў чакала шмат цікавых фактаў, таямніц і адкрыццяў, якія яны зрабілі разам з вершамі Уладзіміра Мінавіча. У час сустрэчы дзеці пазнаёміліся з вясёлымі вершамі, прыгодніцкімі казкамі, акунуліся ў чароўны свет загадак і смяшынак, вучылі скарагаворкі, разгадвалі жартлівыя анаграмы, якія напісаны на мілагучнай беларускай мове, пабывалі на ўроку геаграфіі, вандравалі па беларускіх гарадах разам з героямі вершаў.

Кожны верш Уладзіміра Мазго прасякнуты пачуццём зацікаўленасці і любові да дзіцячага свету. І чытаецца напісанае лёгка, весела, і слухаць яго – сапраўдная асалода, нібы сама казка завітала ў бібліятэку разам з пісьменнікам.

 

 

 

 

 

 

06.03.2019 творчая сустрэча з юбілярам Ул.Мазго «Адвечныя скарбы Радзімы» прайшла ў Ждановіцкай сельскай бібліятэцы. Новая кніга лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і літаратурнай прэміі "Залаты купідон" пісьменніка Уладзіміра Мазго «Адвечныя скарбы Радзімы» расказвае пра гістарычную і духоўную спадчыну беларускага народа, запрашае юных чытачоў адкрыць для сябе таямніцы старажытнага Брэста, зірнуць на навакольны свет праз байніцы Сынкавіцкай царквы-крэпасці, наведаць сталіцу Шапавалаў - Дрыбін, прайсціся па Ганненскім кірмашы ў Зэльве, які раней быў другім па памеры кірмашом Старога Свету пасля Лейпцыгскай... На дарозе з мінулых стагоддзяў паўстаюць постаці Францыска Скарыны і Сымона Буднага, Рагнеды і Сафіі Слуцкай...

Падчас сустрэчы Уладзімір Мазго прэзентаваў сваю кнігу такім чынам, што амаль кожны прысутны захацеў яе мець у асабістай бібліятэцы. Аўтограф-сесія падарыла аўтару шмат прыемных хвілін.

 

Фотогалерея:

поделиться в: