РУ БЕ EN

Мікола Пракаповіч

1 листапада - 75 гадоў з дня нараджэння Міколы Пракаповіча, беларускага паэта, тэлежурналіста, краязнаўца.

Мікалай Мікалаевіч Пракаповіч (нарадзіўся 1 лістапада 1948 году, в. Пугачова, сёньня ў межах Берасьця) — беларускі паэт, тэлежурналіст, краязнаўца, грамадзка-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край». Адзін з стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнскага руху ў Берасьці і на Берасьцейшчыне ў канцы 1980-х — 1990-х. Сябра БНФ з 1989 году.

Мікола Пракаповіч нарадзіўся ў сям’і рабочага ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 году стала адным з мікрараёнаў Берасьця. Насамрэч ён нарадзіўся 21 кастрычніка 1948 году, хоць у пашпарце ў яго фактычна запісана 1 лістапада. Сталася так, што праз шматлікія клопаты бацькі ня здолелі адразу зарэгістраваць народжанае дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку тады накладваўся даволі сур’ёзны штраф. У выніку яго зарэгістравалі ў найбліжэйшы да рэальнага дня нараджэньня дзень — 1 лістапада.

Выхоўваўся ў колішнім прыгарадзе Берасьця за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сьведчаньня, практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыцьцё на тэлебачаньні: народныя традыцыі, песьні, сьвяты. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вясельлях.

Мікола Пракаповіч скончыў сярэднюю школу № 4 г. Берасьця на Валынцы.

У 1970-м скончыў беларускае аддзяленьне факультэту мовы і літаратуры Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў настаўнікам у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёну. У 1971—1972гг. служыў у Савецкай Арміі.

З 1972 году — рэдактар Берасьцейскага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Берасьцейскай студыі тэлебачаньня.

З 1975 году — старшы рэдактар, пазьней загадчык аддзелу мастацкіх праграмаў Берасьцейскага тэлерадыёаб’яднаньня. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Берасьце», «Край». Дыплямант міжнародных тэлефэстываляў.

Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачаньні — практычна ўсё свядомае жыцьцё. Яго аўтарская перадача «Край» — гэта праект, які ведаюць ня толькі ўсе творчыя людзі Берасьцейшчыны, якіх ён запрашаў на свае перадачы, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю ў рэгіёне. Хіба не засталося ніводнага цікавага кутка на Берасьцейшчыне, куды б не выязджаў са здымачнай групай журналіст-краязнавец Мікола Пракаповіч. Усяго ў этэр выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы.

У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменьнікаў. У 1984—1990 гадах быў сакратаром Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.

На працягу 10 гадоў паэт Мікола Пракаповіч кіраваў літаратурнай студыі «Спадчына» у Берасьцейскім абласным цэнтры моладзевай творчасьці, якая яднала маладых паэтаў гораду.

У 1990-ыя не аднойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў беларускі парлямант і мясцовыя органы ўлады рознага ўзроўню ад БНФ «Адраджэньне».

За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). Паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч зьяўляецца ляўрэатам Літаратурнай прэміі Берасьцейскага аблвыканкаму імя Ўладзімера Калесьніка (2008). Узнагароджаны Ганаровай граматай Берасьцейскага аблвыканкаму (2008). Таксама атрымаў званьне «Берасьцейская зорка» (1999) у намінацыі «Журналістыка».

Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцыяў абласных, раённых і гарадзкіх газэт, тэлебачаньня і радыё, прафэсійных журналістаў у намінацыі «Захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны».

поделиться в: