Пимен Панчанко
Нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі (зараз — Талін, сталіца Эстоніі), якая на той час уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Бацькі — бедныя сяляне, у пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку.
Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у войску, ускладнілі і без таго нялёгкае жыццё салдаткі Дар’і Факееўны Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 годзе падалася да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады паэта.
У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934—1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе.
У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. Закончыўся адзін з вызначальных этапаў у жыцці і творчай біяграфіі паэта. Ён вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у часопісе «Вожык», пазней перайшоў у газету «Літаратура і мастацтва». Пяць гадоў (1953—1958) рэдагаваў альманах «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман»).
З 1966 г. паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. У 1973 г. Пімену Панчанка было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
Памёр 2 красавіка 1995 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Мы в соцсетях: