РУ БЕ EN

Памятник 100 партизанам бригады «Штурмовая» д.Средняя

Ой, бярозы ды сосны - партызанскія сёстры,

                                     Ой, шумлівы ты, лес малады!

                                                           Толькі сэрцам пачую тваю песню лясную,

                              Ды ўспомню былыя гады.

                                         (А.Русак)

Наш край – край партызанскі.  Тут, у лясах за вёскай Сярэдняе, ў гады Вялікай Айчыннай вайны з лютага 1942 года па ліпень 1944  дыслацыравалася партызанская брыгада «Штурмавая».

Дабротная асфальтная дарога выводзіць нас да могілак в. Сярэдняе. І мы адразу звяртаем ўвагу на велічную фігуру партызана на п’едыстале. Гэта помнік партызанам брыгады, што загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Устаноўлены ў 1947 годзе. У 1985 годзе фігуру партызана пакрылі меддзю. Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніка праводзілася ў 2004 і 2018 гадах. Мясцовыя жыхары з любоўю  называюць гэты помнік «Наш дзед Талаш».

               

Тут пахаваны  сакратар Заслаўскага падпольнага РК КП(б)Б Дубовік Іван Фёдаравіч, аб чым сведчыць надпіс на мемарыяльнай дошцы.

    Дубовік І. Ф. нарадзіўся ў 1894 годзе. Да чэрвеня 1941 года працаваў ў Заслаўі загадчыкам млына. У пачатку вайны райкам партыі даручыў яму вывезці каштоўнасці і дакументы ў тыл. Выканаўшы заданне, Іван Дубовік звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай накіраваць яго ў тыл ворага. Яго жаданне было задаволена. Іван Фёдаравіч стаў камандзірам групы, якая прайшла падрыхтоўку і была накіравана ў Заслаўскі раён у канцы жніўня 1942 года.  У снежні 1942 года быў арганізаваны Заслаўскі падпольны райкам КП(б), сакратаром якога быў прызначаны Дубовік І.Ф. Падпольны райкам базіраваўся ў партызанскай брыгадзе «Штурмавая».

Іван Дубовік карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод партызан. Ён быў добрым, чулым, патрабавальным да сябе і да іншых.  Як успамінала былая партызанка брыгады Вера Вітушка, партызаны называлі яго «бацька», а яе, Веру, што была памочнікам сакратара падпольнага РК КП(б)Б, вяла ўсю партыйную і камсамольскую дакументацыю - «бацькава дачка». Пасля вайны Вера Іосіфаўна Вітушка працавала сакратаром Заслаўскага райкама.

 Загінуў Іван Фёдаравіч у баі ў маі 1944 года каля в. Шапялі. Там і быў пахаваны. І ўжо пасля вайны яго баявыя таварышы перанеслі яго прах на партызанскія могілкі.

Мемарыяльны знак «Брыгада Штурмавая» знаходзіцца на адлегласці 50 метраў ад грамадзянскіх могілак  на паўднёвы ўсход,  па другі бок дарогі.

               

Абеліск маналітны, жалезабетонны, з падстаўкай. Вышыня яго 2,2 метры. Злева на ім – няправільнай формы ўсечаная зорка. Выраблены Мінскім раённым камбінатам бытавога абслугоўвання. Устаноўлены знак у 1963 годзе ў знак памяці аб баявых дзеяннях партызанскай брыгады «Штурмавая». Да 70-годдзя Вялікай Перамогі на мемарыяльным знаку ўстаноўлена гранітная інфармацыйная пліта.

Брыгада «Штурмавая» была створана ў снежні 1942 года і дзейнічала на тэрыторыіі Заслаўскага, Лагойскага , Мінскага і Радашковіцкага раёнаў.

… 22 сакавіка 1942 года 9 ваеннапалонных з Масюкоўшчынскага лагера – шталаг-352, якія працавалі ў доме адпачынку,- перабілі канваіраў і ўцяклі.

Яны былі знясілены і разумелі, што да лініі фронту ім не дайсці. Ад мясцовых жыхароў даведаліся, што ў Руднянскім лесе Лагойскага раёна базіруюцца партызаны. Вырашылі іх знайсці. Першая ўдалая аперацыя супраць ворагаў прайшла ў в. Боўблі Заслаўскага раёна. Быў разгромлены нямецкі гарнізон, што базіраваўся ў вёсцы і склад. Пазней група перабралася ў Манылаўскі лес. (5 км ад в.Сярэдняе). Дзейнічала актыўна, папаўнялася людзьмі, стала вядомай. Такім чынам, у пачатку 1943 года ў склад брыгады ўваходзіла 6 атрадаў: «Штурм», «За Айчыну», «Грозны», імя Фрунзе, імя П.К.Панамарэнкі і імя Г.К.Жукава. Зона базіравання брыгады была на важным у стратэгічных адносінах участку – 40 км ад Мінска, непадалёк ад Маладзечна і Вілейкі, дзе праходзілі найважнейшыя камунікацыі і сувязь. Каля шасэйных дарог і чыгунак размяшчаліся шматлікія нямецкія гарнізоны, якія ахоўвалі гэтыя дарогі і з’яўляліся апорнымі пунктамі для войск, што праводзілі карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва і партызан.

За перыяд дзейнасці брыгады ў адкрытых баях і дыверсіях на камунікацыях было знішчана больш як 17 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, разгромлены 22 варожыя гарнізоны, спушчана пад адхон 196 эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай і іншымі ваеннымі грузамі. Падарвана на мінах і падбіта ў баях да 600 аўтамашын, 50 танкаў і бронемашын, 109 матацыклаў, збіты 2 мамалёты, узарвана і спалена 188 мастоў , знішчана больш як 3 тыс. рэек.

Брыгадай выратаваны  тысячы савецкіх грамадзян  ад знішчэння і адпраўкі ў фашысцкае рабства.

Самай значнай ў пачатку 1944 года была аперацыя па выратаванні дзяцей Сёмкава-Гарадоцкага дзіцячага дома, дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для салдат вермахта і мелі намер вывезці іх ў Германію.

… На савеце камандзіраў і камісараў атрадаў было прынята рашэнне падрыхтавацца і вывезці дзяцей у партызанскую зону. Быў распрацаваны план. Кожны атрад меў заданне падрыхтаваць 10-15 падвод, коўдры, цёплую вопратку, арганізаваць ахову абоза з дзецьмі - на кожнай падводзе  павінен быць узброены возчык-партызан. Атрад імя Жукава атрымаў заданне ахоўваць абоз, іншыя – блакіраваць нямецкія гарнізоны ў Казекаве, Буцавічах, Дафарэнцыі, Грынях і Рагаве.  У ноч на 14 лютага  274 дзіцяці былі вывезены ў партызанскую зону брыгады «Штурмавая» без страт. Большасці з іх  было ад 3 да 10 год. Дзяцей забралі вяскоўцы ў свае сем’і.

Гэта аперацыя брыгады легла ў аснову рамана М.Чаргінца «Операция Кровь».

У 1968 годзе ў в. Сёмкава ў памяшканні школы-інтэрната адбылася сустрэча былых выхаванцаў дзіцячага дома з тымі, хто вызваліў іх з нямецкіх лап. Пра гэту сустрэчу, ўспаміны былых вязняў дзіцячага дома і партызан брыгады «Штурмавая» больш падрабязна можна прачытаць ў кнізе В.П. Платонава «Дети лихолетья».

               

 

Мемарыяльныя могілкі партызан брыгады «Штурмавая» знаходзяцца ў паўночнай часцы могілак, перамешваюцца з захараненнямі мясцовых жыхароў. Нямала партызанскіх пахаванняў абнесены агароджай. Гэта значыць, што яны, загінуўшыя, - жыхары навакольных вёсак.

Тут пахаваны 100 партызан брыгады. У 1975 годзе са 100 пахаванняў было зроблена 40 брацкіх магіл, а на кожную ўстанавілі камень з імёнамі пахаваных. На пачатку 2000-х да партызанскіх захараненняў праз могілкі праклалі бетонную дарожку. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі на камені брацкіх магіл устанавілі новыя гранітныя пліты з імёнамі загінуўшых.

 

Памятны знак «Место дислокации партизанской бригады «Штурмовая»

Калі ад могілак паглыбіцца ў лес на паўднёвы ўсход, то набрыдзем на астаткі партызанскіх зямлянак. Гэта - месца дыслакацыі брыгады, аб чым  сведчыць надпіс на інфармацыйнай табліцы. Непадалёк б’е з зямлі партызанская крынічка.

Пакуль жылі удзельнікі і сведкі тых ваенных падзей, кожны год ў Дзень Перамогі тут праходзілі сустрэчы партызан брыгады, якім ўдалося выжыць у гады ліхалецця.

На фотаздымку: 1979 год. Сустрэча партызан брыгады «Штурмавая».

Не зарастае народная сцежка да гэтых святых мясцін. У святы да помнікаў і магіл ускладаюцца вянкі і кветкі. Выпадковыя аўтамабілісты, грыбнікі, ягаднікі ніколі не пройдуць міма, каб не пастаяць у хвіліне маўчання.

«Ніхто не забыты і нішто не забыта» – гэтыя словы гавораць аб тым, што наша гераічнае мінулае навекі застанецца ў народнай памяці.

І будзе так, як піша ў сваім вершы Валянціна Гіруць-Русакевіч:-

…І, верыцца, не ўдасца часу замеці

Святую памяць гэту засняжыць –

Перадаецца эстафета вашай,

нашай памяці

Ад сёння тым, хто заўтра будзе жыць.

 

 

Бібліятэкар Шаршунскай

інтэграванай сельскай бібліятэкі                                       А.В.Гаеўская.

 

Буклет

 

 

поделиться в: