РУ БЕ EN

Памятник сожженным жителям деревень Бахметовка и Камки

Лёс Хатыні раздзялілі вёскі Бахметаўка, Камкі і  Агаркі. (Вёска Агаркі  з 28.05.2013 года ўключана ў склад Лашанскага сельсавета). Пасля вайны вёскі адрадзіліся, адбудаваліся нанова.

Помнік спаленым жыхарам вёсак Бахметаўка і Камкі.

Вёска Камкі. Помнік спаленым жыхарам вёскі.

Знаходзіцца вёска на адлегласці 6 кіламетраў ад агр. Шаршуны на ўсход. Назва вёскі паходзіць ад слова «камель, камлюк», што азначае ніжнюю частку дрэва. Першыя ўпамінанні аб існаванні вёскі адносяцца да 1799 года.

У 1941 годзе у вёсцы пражывала 150 жыхароў.

29 кастрычніка 1943 года ў 6 гадзін раніцы карнікі ўварваліся ў вёску і пачалі падпальваць сядзібы. Ратуючыся, жыхары выбягалі з хат і траплялі пад агонь фашыстаў.

Вёску Камкі палілі два разы. Другім днём быў дзень 2 лістапада гэтага ж года. У нацыянальным архіве захаваўся акт, які быў састаўлены камандзірам атрада «Штурм», старшынёй вёскі і ўцалеўшымі жыхарамі. За два разы налётаў на вёску спалена 35 сядзіб, загінула 86 чалавек, у тым ліку 35 дзяцей.

На пажоўклых ад часу лістках увесь боль і трагедыя жыхароў, што згубілі родных, жыллё, гаспадаркі, у якіх яны жылі.

Усе імёны забітых і спаленых жыхароў ўвекавечаны на помніку, што ўстаноўлены ў аграгарадку Шаршуны. У 2015 годзе нашчадкі застаўшыхся ў жывых жыхароў вёскі на ўласныя сродкі ўстанавілі невялікі помнік сваім забітым і спаленым землякам. Устаноўлены помнік на ўездзе ў вёску, на узбочыне дарогі. Гэта вялікі валун, на якім замацавана гранітная пліта з датай трагедыі і зваротам да нашчадкаў

А мы, нашчадкі нашых продкаў,

Не маем права забываць.

І лёсы сваякоў забітых,

Каб нам ніколі не спазнаць.

Вёска Бахметаўка. Яна ўшчыльную прылягае да аграгарадка Шаршуны. Першыя ўпамінанні аб вёсцы ў летапісе адносяцца да 1549 года. Этымалагічнай асновай назвы з’яўляецца прозвішча Бахметаў.

На пачатку вайны ў 1941 годзе ў вёсцы пражываў 141 жыхар. Трагедыя адбылася 4 красавіка 1943 года. У чатыры гадзіны раніцы карнікі напалі на вёску, пачалі падпальваць хаты і забіваць жыхароў. Спалена 30 сядзіб, загінула 115 чалавек, у тым ліку 60 дзяцей.                                                                                                             

У 1967 годзе каля адміністратыўнага будынка саўгаса «Савецкі» (сёння гэта ААТ «Шаршуны Агра») быў устаноўлены помнік, які ўвекавечвае імёны жыхароў вёсак Бахметаўка і Камкі, што былі спалены разам з вёскамі ў 1943 годзе за сувязь з партызанамі. Помнік двойчы рэканструлявалі. 1975 год - расшырана ахоўная зона, 1985 год – устаноўлены дзве прамавугольныя тумбы, на якіх заменены мемарыяльныя дошкі з імёнамі загінуўшых.

    У кнізе «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии», якая выдадзена выдавецтвам «Беларусь» у 1984 годзе пад рэдакцыяй В.Е. Лабанка маецца ссылка на  нямецкі дакумент, які падцвярджае факт спальвання вёсак Бахметаўка і Камкі.

На фотаздымку: Паведамленне начальніка зямельнага аддзела Заслаўскай раённай управы аб выніках карнай аперацыі (чэрвень 1943 год), у ходзе якой знішчана 1419 чалавек, спалена 13 вёсак.

Вёска Бахметаўка ў спісе пад нумарам 5. У гэтым сумным спісе значацца вёскі Камянец, Рогава, Дуброва  (Даўбарова), Шаршуны. Усе гэтыя вёскі ўваходзяць ў склад Шаршунскага сельсавета. Жыхары гэтых вёсак таксама пацярпелі ад карных атрадаў фашыстаў.

Буклет

поделиться в: