вёска Агаркі
Лёс Хатыні раздзялілі вёскі Бахметаўка, Камкі і Агаркі. (Вёска Агаркі з 28.05.2013 года ўключана ў склад Лашанскага сельсавета). Пасля вайны вёскі адрадзіліся, адбудаваліся нанова.
Помнік на брацкай магіле 25-ці мірных жыхароў в. Агаркі, забітых і спаленых фашыстамі.
Вёска знаходзіцца непадалёк ад сучаснай шашы Мінск-Маладзечна. Першыя ўпамінанні аб ёй адносяцца да 1677 года. Назва яе мае славянскія карані. «Агарак» – астатак недагарэлай свечкі, альбо лучыны, ці рэшткі будынка, які гарэў.
У 1941 годзе тут пражывала 56 жыхароў.
5 сакавіка 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты прыйшлі ў вёску і арыштавалі тых, каго западозрылі ў сувязі з партызанамі і ў каго ў партызанах былі родзічы.
Людзей сагналі да хлява, што стаяў на паўночна-заходнім ускрайку вёскі.
Закрылі у хляве, падпалілі, хто хацеў вырвацца - расстрэльвалі. Усяго загінула 25 чалавек.
Астанкі спаленых мясцовыя жыхары захаранілі на месцы спальвання і устанавілі 5 надмагільных камянёў.
У 1990 годзе камяні замянілі на помнік з чырвонага граніту, паабапал якога ўстаноўлены стэлы з імёнамі спаленых жыхароў вёскі, з указаннем іх узросту. Самаму малодшаму было ўсяго паўгода.
Ідуць гады. Адыходзяць у вечнасць сведкі тых жудасных падзей. Нам застаюцца толькі скупыя запісы, што зберагаюцца ў архівах і помнікі, помнікі, помнікі… І словы-заклік, словы-просьба на «Сцяне памяці» ў Хатыні:
«Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё
і Радзіму, вас, дарагія.
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу,
Каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі.
Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала.»
І мы помнім і зберагаем гэту нітачку памяці, што цягнецца праз перажытае ў сягоння.
На фотаздымку: в. Камкі. Каля помніка спаленым жыхарам вёскі з інвалідам
Вялікай Айчыннай вайны Булда П.С.
Аграгарадок Шаршуны. Піянеры Шаршунскай сярэдняй школы-сад каля помніка спаленым жыхарам в. Бахметаўка і Камкі.
Мы в соцсетях: