РУ БЕ EN

Вёска Бахметаўка

Лёс Хатыні раздзялілі вёскі Бахметаўка, Камкі і  Агаркі. (Вёска Агаркі  з 28.05.2013 года ўключана ў склад Лашанскага сельсавета). Пасля вайны вёскі адрадзіліся, адбудаваліся нанова.

Помнік спаленым жыхарам вёсак Бахметаўка і Камкі.

Вёска Бахметаўка. Яна ўшчыльную прылягае да аграгарадка Шаршуны. Першыя ўпамінанні аб вёсцы ў летапісе адносяцца да 1549 года. Этымалагічнай асновай назвы з’яўляецца прозвішча Бахметаў.

На пачатку вайны ў 1941 годзе ў вёсцы пражываў 141 жыхар. Трагедыя адбылася 4 красавіка 1943 года. У чатыры гадзіны раніцы карнікі напалі на вёску, пачалі падпальваць хаты і забіваць жыхароў. Спалена 30 сядзіб, загінула 115 чалавек, у тым ліку 60 дзяцей.                                                                                                             

У 1967 годзе каля адміністратыўнага будынка саўгаса «Савецкі» (сёння гэта ААТ «Шаршуны Агра») быў устаноўлены помнік, які ўвекавечвае імёны жыхароў вёсак Бахметаўка і Камкі, што былі спалены разам з вёскамі ў 1943 годзе за сувязь з партызанамі. Помнік двойчы рэканструлявалі. 1975 год - расшырана ахоўная зона, 1985 год – устаноўлены дзве прамавугольныя тумбы, на якіх заменены мемарыяльныя дошкі з імёнамі загінуўшых.

    У кнізе «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии», якая выдадзена выдавецтвам «Беларусь» у 1984 годзе пад рэдакцыяй В.Е. Лабанка маецца ссылка на  нямецкі дакумент, які падцвярджае факт спальвання вёсак Бахметаўка і Камкі.

На фотаздымку: Паведамленне начальніка зямельнага аддзела Заслаўскай раённай управы аб выніках карнай аперацыі (чэрвень 1943 год), у ходзе якой знішчана 1419 чалавек, спалена 13 вёсак.

Вёска Бахметаўка ў спісе пад нумарам 5. У гэтым сумным спісе значацца вёскі Камянец, Рогава, Дуброва  (Даўбарова), Шаршуны. Усе гэтыя вёскі ўваходзяць ў склад Шаршунскага сельсавета. Жыхары гэтых вёсак таксама пацярпелі ад карных атрадаў фашыстаў.

поделиться в: