РУ БЕ EN

Кандрат Крапіва

Біяграфія

Кандрат Крапіва (сапраўднае імя Кандрат Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок (сёння Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і.
Першапачаткова сур'ёзнай адукацыі не планавалася. У сем год хлопчык пайшоў у царкоўна-прыходскую школу, праз чатыры гады яе скончыў, навучыўшыся чытаць, пісаць, лічыць. «Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста лічыць няма чаго», – успамінаў пісьменнік.
Будучы пісьменьнік павінен быў спыніцца на чатырох класах царкоўна-прыходскай школы. Але памерла маці, бацька ажаніўся ў другі раз і адаслаў сына вучыцца далей. У выніку Кандрат Крапіва атрымаў спецыяльнасць настаўніка, а затым скончыў літаратурна-педагагічнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Яго творчасць адыграла важную ролю ў развіцці сатырычных жанраў у беларускай літаратуры. Ён пісаў фельетоны, эпіграмы, вершы, паэмы, апавяданні, п'есы, і нават адзін раман ёсць. Сярод найбольш вядомых твораў – вершаваная казка «Хвядос – Чырвоны нос», п'есы «Хто смяецца апошнім» і «Брама неўміручасці». Бліскучая сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» стала адным з самых вялікіх поспехаў беларускай савецкай драматургіі. Камедыя была пастаўлена больш чым у 120 тэатрах былога Савецкага Саюза і многіх замежных тэатрах, экранізавана кінастудыяй «Беларусьфільм».
Кандрат Крапіва прайшоў 4 вайны: Першую сусветную, у 1939 годзе ўдзельнічаў у кампаніі па далучэнні Заходняй Беларусі, затым савецка-фінскую і Вялікую Айчынную войны. У апошнюю ў большай ступені ваяваў ужо словам: пісаў для газет «Чырвонаармейская праўда» і «За Савецкую Беларусь», быў адказным рэдактарам сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
Яго поўныя сарказму вершы і эпіграмы давалі мастакам цікавыя тэмы для сатырычных малюнкаў і карыкатур. Часта Кандрат Крапіва ствараў подпісы да малюнкаў Віталія Букатага, таленавітага юнака-карыкатурыста, вучня 4-й Гомельскай чыгуначнай школы. У першыя дні вайны Віталій маляваў антыфашысцкія плакаты, і іх вывешвалі на самых людных вуліцах горада. Рэдакцыя газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», ад’язджаючы з Гомеля, забрала юнака з сабой.
Пасля вайны, у 1945-1947 гадах, Кандрат Крапіва быў адказным рэдактарам сатырычнага часопіса «Вожык».
Нягледзячы на усю разнастайнасць творчасці Кандрата Крапівы, адной з вяршыняў, самабытнай з'явай сталі байкі. З іх пачалася яго творчасць, да гэтага жанру ён вяртаўся на працягу ўсяго жыцця. У класічны фонд беларускай літаратуры ўвайшлі байкі «Каршун i Цецярук», «Дыпламаваны баран», «Сава, асёл ды сонца», «Ганарысты парсюк», «Далiкатныя парасяты» і многія іншыя. 

Цікавыя факты з жыцця Кандрата Крапівы

 Кандрат Крапіва пражыў 94 гады - вялікі тэрмін, які выпаў да таго ж на неспакойнае ХХ стагоддзе. Былі поспехі, але былі і страты. Ён бачыў смерць траіх з чатырох сваіх дзяцей.
Родныя гавораць, шмат працаваў: прыходзіў са службы, вячэраў, крыху адпачываў і зноў садзіўся за стол — да трафейнай друкаркі, стукаў да гадзіны ночы. Але Крапіва - гэта не толькі сатырычныя п'есы і байкі, гэта яшчэ і слоўнікі - вялікая праца спачатку на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства, затым - віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларускай ССР.
✅ Пісаць пачаў нечакана для сябе
Аднойчы Кандрат Крапіва проста ішоў па вёсцы і ўбачыў на сцяне прымацаваную газету “Савецкая Беларусь”. Спыніўся, пачаў чытаць. Тэксты юнаку спадабаліся, таму і сам ён вырашыў паспрабаваць сябе на літаратурнай ніве.
✅ Жыў пад дэвізам «ні дня без радка»
Кандрат Крапіва заўсёды вельмі шмат пісаў і нібы жыў па дэвізу «ні дня без радка». Аднак ён ніколі не казаў нават самым блізкім людзям, што ж канкрэтна ён піша. Напрыклад, свой твор «Брама неўміручасці» пісьменнік пісаў амаль 6 гадоў. І ўвесь гэты час ніхто не ведаў, над чым ён працуе.
✅ Меў фенаменальную памяць
Кандрат Крапіва ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённік. Усё самае важнае захоўвалася ў яго памяці. І калі трэба было знайсці тэлефон нейкага чалавека, прасцей было адразу пытацца ў Крапівы (калі ён яго ведаў, вядома). У старасці ў пісьменніка сур’ёзна пагоршыўся зрок, што адбівалася на яго прафесійнай дзейнасці (рэдактарскай). Але ён рэдагаваў усе слоўнікі проста па памяці. Захоўваў у сваёй памяці ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў са слоўнікаў.
✅ Вельмі захапляўся шахматамі
Акрамя літаратуры, была ў Кандрата Крапівы і іншы запал — шахматы. Па ўспамінах блізкіх, за шахматнай дошкай ён мог праседжваць шмат гадзін запар. Быў нават адмысловы набор шахмат, выразаных з вельмі рэдкай пароды дрэва.

Віктарына

поделиться в: