РУ БЕ EN

Бібліятэчная гасцёўня «Дванаццаць месяцаў – чытанка на кожны дзень месяца»

19.07.2023

Гатаўская сельская бібліятэка-клуб, у рамках аматарскага абьяднання «PRO-книги», запрасіла на бібліятэчную гасцёўню «Дванаццаць месяцаў – чытанка на кожны дзень месяца», падчас якой былі прадстаўлены кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Юныя чытачы даведаліся аб тым, што праект «Дванаццаць месяцаў» складаецца з дванаццаці кніг, у якія ўвайшлі знакамітыя казкі народаў свету, а таксама лепшыя творы беларускіх і замежных дзіцячых пісьменнікаў. Гэта своеасаблівы казачны каляндар, які можна чытаць цэлы год – штодня па адной незвычайнай гісторыі. Асаблівасць праекта ў тым, што пры яго ажыццяўленні выкарыстаны кніжныя ілюстрацыі, створаныя ў розныя гады лепшымі беларускімі мастакамі.

Дзецям было вельмі цікава даведацца, што ў кнігах выкарыстаны малюнкі з фондаў нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

У канцы мерапрыемства ўдзельнікам быў прапанаваны для прагляду мультыплікацыйны фільм «Кривая уточка», пасля чаго дзеці змаглі параўнаць мультфільм з казкай са зборніка «Дванаццаць месяцаў – чытанка на кожны дзень месяца. Ліпень».