РУ БЕ EN

Акцыя «Пачысцім нашу крынічку»

05.05.2023

У Шаршунскай інтэграванай сельскай бібліятэцы адбылася акцыя «Пачысцім нашу крынічку».

Бібліятэкар расказала, што з даўніх часоў людзі сяліліся каля вады – асновы ўсяго жывога. Вось і самая старэйшая вуліца аграгарадка Шаршуны, вуліца Садовая, цягнецца ўздоўж ручайка-крыніцы, што выбіваецца з-пад зямлі непадалёк ад весачкі Горы і сілкуе сваімі водамі рэчку Удранка.

У даўніну лічылася вялікім грахом забруджваць ваду, таму ўсе вадаёмы людзі стараліся трымаць у чысціні і парадку. Цёплы сонечны майскі дзянёк спрыяў добраму настрою і жаданню дзяцей паглядзець на тое месца, адкуль крынічка пачынае свой шлях. Назіралі, як цячэ вадзіца, строілі дагадкі, хто жыве ў траве, якая расце па яе берагах. Нават напаткалі бусла, які шукаў там сабе ежу і паназіралі за ім.

Потым прыступілі да справы: збіралі па берагах ручайка-крынічкі смецце, што пакінулі пасля сябе нерадзівыя жыхары і праезжыя.