Іван Навуменка
Іван Якаўлевіч Навуменка (1925-2006) — пісьменнік, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957 года.
Нарадзіўся 16 лютага ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Юначы свет будучага пісьменніка быў напоўнены рамантычнымі марамі, планамі на будучыню. Але марам не дала збыцца вайна. Івану Навуменка споўнілася семнаццаць, калі юнак, як і многія яго аднагодкі, становіцца на шлях барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў. За час суровых выпрабаванняў ён не толькі зблізку пабачыў жахі акупацыі, але і набыў немалы жыццёвы вопыт: са студзеня 1942 года быў актыўным ўдзельнікам камсамольскага падполля, выдаваў маладзёжную газету «За Радзіму»; потым — разведчыкам дэсантнай групы, байцом партызанскай брыгады імя Панамарэнка, вызваляў родныя Васілевічы. У 1943 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах.
Пасля дэмабілізацыі (снежань 1945) першыя шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 — рэспубліканскай газеты «Звязда». Адначасова завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1950 годзе. Пасля — аспірантуру (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973-82 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі Навук Беларусі, з 1991 — акадэмік АН Беларусі.
Першыя вершы пісьменніка былі апублікаваны ў 1946 годзе ў раённай газеце. З прозай дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». Гэта былі апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка».
Вельмі часта ў сваіх творах Навуменка падымае тэму моладзі ў час вайны. Звязана гэта з тым, што ён сам сустрэў вайну сямнаццацігадовым. Нават першы зборнік пісьменніка, які выйшаў у 1957 годзе, называўся «Семнаццатай вясной». Усяго ж у яго выйшла 11 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў. Апошні, «Водгулле далёкіх вёснаў» — у 1989 годзе.
Героі Навуменкі — патрыёты Радзімы, якія агульныя інтарэсы ставяць вышэй асабістых. А асноўная тэматыка яго творчасці — Другая Сусветная вайна.
У пачатку творчасці пісьменнік у асноўным пісаў апавяданні. Але пазней пачынае ствараць аповесці, раманы і п’есы.
Важнае значэнне ў творчасці Навуменкі займае трылогія: «Сасна пры дарозе «(1962) «Вецер у соснах» (1967) «Сорак трэці» (1974). Яна расказвае аб партызанскай барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў і носіць маштабны, гераічны характар. Варта таксама адзначыць раман «Смутак белых начэй» (1979), прысвечаны фінальнаму этапу вайны. Аўтар без пафасу, простай мовай распавядае аб трагічным чалавечым лёсе.
Творы пісьменніка перакладзены на латышскую, балгарскую, нямецкую, рускую і іншыя мовы.
Навуменка спрабаваў пісаць вершы і хацеў нават выдаць зборнік. Але як сам пазней прызнаўся — быў шчаслівы, што не зрабіў гэтага. Таму што вершы ў яго атрымліваліся «казённыя».
Акрамя творчасці займаўся навуковай працай — даследаваў творчасць Максіма Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Апублікаваў каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій.
У 1981-1984 гадах выйшаў збор твораў пісьменніка ў 6 тамах. А ў 2018 завяршылася выданне 10-томнага збора твораў пісьменніка, у які ўвайшлі ў тым ліку і вершы Навуменкі.
Іван Навуменка узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1945), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі( 1985), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), медалём Францыска Скарыны.
У 1967 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР за кнігу «Тапалі юнацтва». У 1972 годзе за манаграфіі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967) і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я.Коласа, а ў 1997 годзе прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл манаграфій.
У 2010 годзе пошта Беларусі выпусціла паштовую марку, прысвечаную 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. У чэрвені 2011 года імя Навуменка прысвоена вуліцы ў Менску. А 12 кастрычніка 2011 у сталіцы адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць народнага пісьменніка.
Мы в соцсетях: