Анатоль Зэкаў
Анатоль Мікалаевіч Зэкаў нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Першы верш апублікаваў у газеце "Піянер Беларусі" у 1969 г. Аўтар зборнікаў паэзіі "Боль сумлення" (1989), "Зона кахання" (2003), "Чарнобыльскі вецер" (2006), "Промнік позірку твайго" (2008) і інш. Асноўныя тэмы паэзіі – разважанні аб праблемах, якія жыццё ставіць перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра і зла, любові і нянавісці.
Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасцю вызначаюцца байкі "Сабачы брэх", "Крот і мышы", "Пчолы і труцень", "Мядзведзь і размеркаванне", "Непаслухмяны чмелік", "Паўлін і певень" і інш. Дэбютам у прозе стала кніга "Вясельнае падарожжа ў Стамбул" (2000).
Таксама Анатоль Мікалаевіч стварыў шмат кніг для дзяцей: "Чатыры зярняткі", "Не казкі пра Сашку", "Зязюля Гулюля" і інш. У гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.
Працоўны ж шлях аўтар пачаў у 1977 годзе, калі яшчэ студэнтам-пяцікурснікам быў залічаны карэспандэнтам у штат гомельскай раённай газеты "Маяк". Ездзіў у камандзіроўкі, сустракаўся з працаўнікамі вёскі, перадавікамі сельгас-вытворчасці, работнікамі культустаноў і школ, адлюстроўваў іх жыццё і справы ў журналісцкіх матэрыялах. А яшчэ рыхтаваў літаратурныя старонкі, дзе змяшчаліся творы маладых аўтараў, рабіў агляды літаратурнай пошты, друкаваў таксама свае вершы і надзённыя паэтычныя рэпартажы. Любіў вершаваным радком адзначыць пэўную знакавую дату або дзяржаўнае ці прафесійнае свята.
Праўда, у "Маяку" ён прапрацаваў нядоўга: праз дзевяць месяцаў яго запрасілі на пасаду загадчыка аргаддзела ў райкам камсамола. Але і там не спыніў супрацоўніцтва з газетай, пісаў пра справы моладзі ў раёне, рыхтаваў нават штомесячную тэматычную старонку "Камсамольскае жыццё".
У 1980 годзе Анатоль Зэкаў з пасады другога сакратара райкама паехаў у Маскву на вучобу ў Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК ВЛКСМ, пасля заканчэння якой быў накіраваны ў ЦК ЛКСМ Беларусі, дзе курыраваў пытанні дзіцячага і маладзёжнага друку. А потым перайшоў на журналісцкую працу ў рэдакцыю рэспубліканскай маладзёжнай газеты "Чырвоная змена". Узначальваў мінскую гарадскую газету "Добры вечар", штотыднёвік "Сталіца" і "Беларускую лясную газету", працаваў у часопісах "Вожык", "Полымя", "Вясёлка" і выдавецтве "Мастацкая літаратура", адзін час разам з паэтам Навумам Гальпяровічам вёў на тэлебачанні перадачу "Дыяблог. Р.S."
Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі. Ён з’яўляецца аўтарам тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага агратэхнічнага каледжа.
Анатоль Зэкаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, адзначаны літаратурнымі прэміямі імя Янкі Маўра, Васіля Віткі і шэрагам іншых.
Мы в соцсетях: