Уладзімір Іванавіч Карызна
Адным з самых музычных і меладычных паэтаў, творы якога нязменна карыстаюцца поспехам не толькі ў чытачоў, але і кампазітараў, з'яўляецца Уладзімір Карызна. Ён — адзін з аўтараў гімна Рэспублікі Беларусь, шматлікіх паэтычных зборнікаў і паэм, рамансаў, песень і хораў, кніг для дзяцей, таленавіты перакладчык.
Уладзімір Іванавіч Карызна нарадзіўся 25 мая 1938 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям'і, яго бацька і маці (Іван Ціханавіч і Ніна Канстанцінаўна) вылучаліся схільнасцю да музычнай творчасці.
Вайна і партызанскі лес, а пасля папялішча роднай хаты надоўга засталіся ў памяці хлапчука.
Пасля заканчэння Крупіцкай сярэдняй школы ў 1956 г. Уладзімір Іванавіч вучыцца на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ імя У. I. Леніна (1956—1961). Побач з вучобай малады філолаг актыўна наведваў пастаянна дзеючы семінар самадзейных кампазітараў пры Саюзе кампазітараў Беларусі, дзе выкладалі знакамітыя кампазітары-творцы Рыгор Пукст і Генрых Вагнер.
Пасля заканчэння БДУ У.Карызна працаваў настаўнікам Опсаўскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна (1961—1967), старшым рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі на Рэспубліканскім радыё (1967—1980), рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя» (1980—1981), старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва» (1981—2001), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца» (2002).
Творчы дэбют пісьменніка адбыўся ў 1956 г., калі ў газеце «Чырвоная змена» быў апублікаваны першы верш. I гэты пачатак быў вельмі шматабяцаючым: У.Карызна — аўтар шматлікіх зборнікаў, сярод якіх «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы» (1981), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Зямля — два паўшар'і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Азёры дабрыні» (1995), «На азёрах сініх» (2000), «Хвіліна святла» (2000, 2003), «Чароўнае вочка» (2003), «Доля Русь наша Белая» (2007), «Лепяць ластаўкі гняздзечкі» (2010), «Зарніцы дзяцінства» (2014) і інш.
Вышэй ужо гаварылася пра меладызм вершаў У.Карызны, ён прызнаны ў рэспубліцы паэт-песеннік, больш за 200 яго вершаў пакладзена на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі: Ю.Семянякам, Я.Глебавым, Д.Смольскім, I.Лучанком, Э.Ханком, Л.Захлеўным, Э.Зарыцкім, У.Карызнам-малодшым і інш. Садружнасць талентаў адораных кампазітараў і паэта прадвызначыла папулярнасць песень «Люблю цябе, Белая Русь», «Дом, дзе мы радзіліся», «Журавінка», «Песня родная», «Хаджу сунічным і барамі», «Песня аб роднай зямлі», «Салавей спявае», «Мамін а вішня», «Азёры дабрыні», «Зорачка мая», «На азёрах сініх», «Калі цябе сустрэў», «Мы прыйшлі з перамогаю» ў слухачоў.
Зборнікі песень з нотамі на словы паэта «Клубныя вечары» (1978), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998) карыстаюцца папулярнасцю ў народных вакальных калектываў, а песні «Беларусь мая сінявокая», «Гады маладыя», «Даўно ў той хаце не была» з'яўляюцца неад'емнай часткай рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. I. Цітовіча.
У. Карызна адносіцца да паэтаў, якія ўступілі ў літаратурнае жьшцё ў 1960—1970-я гады. Гэта так званае філалагічнае пакаленне — паэты і пісьменнікі, якія вучыліся на філалагічных і журналісцкіх факультэтах. Дзяцінства іх прыйшлося на ваенныя гады, трагічнасць якіх назаўсёды ўрэзалася ў іх памяць і душы.
1963 год быў знамянальным для У. Карызны: менавіта тады выйшаў з друку яго першы зборнік вершаў «Край мой сінявокі», які даў падставу крытыкам даволі высока ацаніць яго раннія паэтычныя спробы, бо і сапраўды малады аўтар ужо ў пачатку сваёй дарогі змог выявіць сябе ярка і пераканаўча, прыкметы яго стылявой адметнасці, хай сабе і контурна, усё ж выявіліся ў названай кнізе даволі выразна.
Зборнік уключае вершы, створаныя паэтам прыблізна на працягу сямі гадоў.
Малады паэт, нягледзячы на сваю нявопытнасць, ужо ўсведамляе вялікую адказнасць і складанасць працы ў сферы мастацкага слова. Магчыма, гэтым і тлумачыцца тое, што ён не спяшаўся з публікацыяй новых сваіх кніг і толькі ў 1969 г. выйшаў у свет другі зборнік вершаў пісьменніка — «Жураўліны досвітак». Роля гэтай кнігі ў творчай біяграфіі мастака, безумоўна, іншая, чым першай, бо ў ёй ужо выпадковасць саступае месца заканамернасці мастацкага развіцця, фарміруюцца асноўныя творчыя погляды паэта, сістэма яго асноўных жанраў, вобразна-выяўленчых сродкаў, вызначаюцца галоўныя напрамкі ідэйна-тэматычнага руху.
Наступная кніга У. Карызны «Святло ліўня» (1972) з'явілася больш адшліфаванай, болып «сталай» у параўнанні з першымі.
У ёй паэт здолеў перайсці ад простай назіральнасці за рэчаіснасцю да глыбокага асэнсавання пэўных яе праяў, знайсці заканамернасці ў выпадковым, у звычайным — узвышанае, боскае, у штодзённасці — свята, радасць.
У кнізе «Святло ліўня» У. Карызна шмат увагі ўдзяляе асэнсаванню ваеннай тэматыкі, звяртаецца да паказу сувязі і еднасці часоў і пакаленняў. Боль перажытага падчас вайны выявіўся з новай сілай у вершы «Асвенцім».
Усе 1960-я і першая палова 1970-х гадоў сталі для У. Карызны часам накаплення жыццёвага і творчага вопыту. Ён быў захоплены праявамі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, нараджэннем новага жыцця, шукаў у ім гармонію, часцінкі пазітыўнага пачатку, каб адлюстраваць усё гэта ў сваёй паэзіі, вартасць якой асабліва відавочная сёння, праз амаль пяцідзесяцігадовую часавую адлегласць: паэт здолеў занатаваць наяўнасць перамен да лепшага, адшукаць сапраўдныя каштоўнасці. I рабіў ён гэта з юнацкім запалам, па-максімалісцку, рашуча і смела. Вера — надзея — каханне — сумленнасць — шчырасць — малая радзіма — мова — прырода — памяць вайны — вось дамінантныя сімвалы яго творчасці. Агульначалавечыя каштоўнасці сталі для яго выразным арыенцірам, а жыццесцвярджальны пафас — ідэйнай асновай паэзіі. I пафас гэты меў такія кампаненты, як гераізацыя, узвышэнне з'яў і пачуццяў, узрушанасць перажыванняў, рамантызаваная вобразнасць.
Вершы паэта другой паловы 1970—1980-х гадоў выяўляюць усё тое лепшае, чаго дасягнуў майстар слова ў папярэднія гады. Паэт зноў вяртаецца на сваю малую радзіму і вядзе шчырую размову з навакольным асяроддзем, з Матухнай-прыродай, бацькоўскай хатай, рэкамі і азёрамі, дубровамі і гаямі і сваімі ўлюбёнымі птушкамі — бусламі.
Зборнікі паэта 1980—1990-х гадоў сведчаць аб яго вернасці метафарычнаму, вобразнаму, а значыцца — найбольш архаічнаму светаўяўленню. Свежасць паэтычнага бачання, схільнасць да яркай метафарычнасці, да канкрэтнага ўспрымання, эмацыянальны радок — усё гэта вартасці паэзіі У. Карызны, вызначаныя спецыфікай яго вобразнага мыслення. Паэт імкнецца паказаць Унутраны стан чалавека, які ўсімі карэннямі звязаны з роднай зямлёй, з народам, усім ачалавечаным светам і, самае галоўнае, з песняй.
Наватарскай і цікавай з'явай у творчасці пісьменніка названага перыяду становіцца цыкл вершаў «в'етнамскай тэматыкі», што з'явіўся пасля наведвання У. Карызнам гэтай краіны («В'етнамскім сябрам», «Паэты В'етнама», «Дзяўчына з горада Намдзінь», «Дзеці» і інш.). Паэт часта праводзіць аналогію паміж страчаным дзяцінствам і зруйнаванымі гарадамі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны з вайной у В'етнаме.
Поруч з «в'етнамскім цыклам» у названым зборніку прысутнічаюць вершы вострай сацыяльнай праблематыкі, прысвечаныя Амерыцы («У Нью-Йорку», «На мітынгу», «Расколіна на звоне», «Не спіцца Амерыцы», «Хмарачосы» і інш.).
У канцы XX — пачатку XXI ст. У. Карызна шмат друкуецца: выходзяць зборнікі «Азёры дабрыні» (1995), «Хвіліна святла» (2000, 2003), «Доля Русь наша Белая» (2007), «Зарніцы дзяцінства» (2014), у якіх пісьменнік звяртаецца да ваеннага мінулага і драматычнага сённяшняга дня, актыўна выкарыстоўвае дыдактычна-павучальны пачатак, амаль кожны твор паэта — пацвярджэнне гэтаму, кожная фраза вучыць жыць і думаць, рыхтавацца да жыцця ці да смерці.
Лірыка У. Карызны гэтага часу дастаткова багатая ў жанравым і тэматычным аспекце: тэмы радзімы, родных вытокаў, бацькоўскай хаты, роднай мовы, чалавека і прыроды, ваеннага ліхалецця арганічна ўвайшлі ў творчы арсенал паэта.
Багаты пласт песеннай лірыкі У. Карызны вельмі шырокі і пастаянна папаўняецца. Трэба згадаць творчы тандэм з сынам Уладзімірам, які стаў своеасаблівай візітоўкай пісьменніка.
Радзіма высока ацаніла творчыя здзяйсненні Уладзіміра Карызны. Ён уганараваны шматлікімі ўзнагародамі і адзнакамі:
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) — за «Бiблiятэку дзiцячай лiтаратуры народаў СССР» у 15 тамах.
- Ордэн Францыска Скарыны (2002).
- Літаратурная прэмія «Залаты купідон» (2007).
Відэа-агляд "Слова, якое акрыляе"
Мы в соцсетях: